Чалавек чалавеку — хто?

Сучасны варыянт адказу — не вельмі прывабны

На адным з папулярных сайтаў у раздзеле прыватных аб’яў ужо не адзін тыдзень вісіць абвестка пра дапамогу ў зборы сродкаў. Звычайна такія аб’явы даюць тыя, у каго цяжка хворыя дзеці і патрабуецца аперацыя за мяжой, якая каштуе вялікіх грошай. Але гэта не той выпадак. Жанчына, якая дала аб’яву, збірае дапамогу… на адваката і судовыя выдаткі. Бо лічыць, што яе справа, якая напачатку была асабістая, вельмі важная і для многіх іншых людзей. Пэўна, так яно і ёсць: на краўдфандынгавай платформе, дзе збіраюцца грошы, на сённяшні дзень з запытаных дзвюх тысяч сямісот рублёў сабрана тысяча дзевяцьсот сорак…

А пачыналася ўсё з непаразумення суседзяў у шматкватэрным доме. На трэцім паверсе сталічнага дзевяціпавярховіка жыве сям’я курцоў, проста над імі, на чацвёртым, — людзі, якія не кураць. Курцы любяць смаліць на лоджыі, прычым робяць гэта часта, ці не кожную гадзіну. Здавалася б, нічога страшнага: паляць на сваёй прыватнай тэрыторыі, на што маюць поўнае права. Але ў нашых тыповых шматпавярховых дамах прытокава-выцяжная вентыляцыя — гэта калі па «водары» заўсёды ведаеш, што ў суседа на вячэру. Дык вось гэта самая вентыляцыя тытунёвы дым, выпушчаны з лоджыі трэцяга паверха, зацягвае на лоджыю і, адпаведна, у кватэру чацвёртага. Гаспадыня кватэры мала таго што не курыць, дык яшчэ і працуе дома. А сядзець з зачыненай лоджыяй летам у горадзе немагчыма. Вось і атрымліваецца, што ад дыму суседзяў ёй проста няма куды дзецца.

Пагаварыць і дамовіцца не атрымалася з самага пачатку. Зразумела, хто ж будзе думаць пра зручнасць іншых, дзеля якой давядзецца ахвяраваць зручнасцю ўласнай. У сваёй кватэры што хочам, тое робім, — быў адказ. Жыхарка чацвёртага паверха барацьбу за права дыхаць чыстым паветрам не спыніла і пачала скардзіцца ў розныя інстанцыі і выклікаць розныя праверкі. Тыя ніякіх парушэнняў не знайшлі — не з-за адсутнасці праблемы, хутчэй — адпаведных нарматыўных дакументаў. Наша гераіня не спынілася і на гэтым і пайшла ў суд. Не асабліва спадзеючыся, што выйграе, — няма такога закона, які б забараняў курыць на лоджыях, за што тады прыцягваць курцоў да адказнасці? Так яно і выйшла — суд жанчына прайграла. Яшчэ і засталася вінна больш за тысячу рублёў… тым, каго прыцягвала ў якасці адказчыкаў. Яны патраціліся на адваката, і суд абавязаў кампенсаваць іх выдаткі.

Спадарыня збіраецца працягваць змагацца не толькі за свае правы, але і за правы астатніх, хто не курыць і знаходзіцца ў аналагічнай сітуацыі. Але трэба плаціць судовую пошліну і аплачваць паслугі адваката. Вось яна і звярнулася па падтрымку ў сеціве…

«Пражыванне ў шматкватэрным доме абавязвае жыхароў лічыцца адно з адным», — такі лейтматыў яе барацьбы. Слабавата для таго, каб выйграць суд, пагадзіцеся. Хаця б таму, што трактоўка на юрыдычнай мове ніяк не гучыць, так, практыкаванні з вобласці маралі. Якую, як вядома, да справы не прышыеш. Але я, уласна, не пра гэта думаю, а пра іншае. Гэтыя ж людзі — тыя, што судзіліся, — суседзямі і засталіся. Як цяпер сустракацца ў пад’едзе, у ліфце (нават у шматпавярховым доме такое часам здараецца), як глядзець адно аднаму ў вочы? «Халодная вайна» на ўсё астатняе жыццё? Але ж можна было б дамовіцца па-чалавечы — проста пайсці насустрач суседцы, якая не хоча труціць шкодным дымам сябе і сваіх дзяцей. Толькі навошта, калі гэты чалавек абсалютна ніхто табе, і якая табе бяда да яго здароўя і адчуванняў? А ў ліфце можна дэманстратыўна павярнуцца спінай і моўчкі тыя тры паверхі праехаць…

Увогуле, здаецца часам, што супольнасць чужых адно аднаму і абсалютна з юрыдычнага пункту гледжання нічога адно аднаму не вінных людзей, якіх па-іншаму можна назваць гараджанамі, проста з’язджае з усіх катушак, забыўшыся на такія звычайныя і раней напоўненыя канкрэтным сэнсам словы, як прыстойнасць, сорам, сумленне. Абы мне добра было — а астатнім… А хто яны мне такія? Нават калі асудзяць, паўшчуваюць — якая розніца? Можа, таму, што апошнім часам усё больш людзей кіруецца гэтым прынцыпам, мы і ходзім па вуліцах, і ездзім у транспарце з такімі незадаволенымі насцярожанымі тварамі — чакаем ад кожнага з выпадковых спадарожнікаў нейкага неадэкватнага ўчынку, скандалу — толькі таму, што яму ў гэты момант так захацелася?..

Нядаўна давялося размаўляць з гаспадаром некалькіх гандлёвых пунктаў на буйным сталічным рынку. Ён якраз вярнуўся дадому злосны — пісаў чарговую тлумачальную па скарзе пакупніка. Цётка папрасіла ўзважыць ёй адну сліву. Буйны плод пацягнуў на адзінаццаць капеек. «У мяне няма грошай», — сказала цётка. «Дык бярыце, з’ешце так», — паспагадала прадавачка. Як вы думаеце, што зрабіла цётка? Пайшла і напісала на яе скаргу: маўляў, абразіла мяне, што я ёй, жабрачка?! Прадаўшчыцу вымусілі перад пакрыўджанай выбачыцца. І, падазраю, адбілі ахвоту праяўляць спагаду на ўсё астатняе жыццё.

«Дык гэта яшчэ што! — засмяяўся мой суразмоўца, гледзячы, як я вылупліваю вочы, адмаўляючыся верыць у расказанае. — Бывае, купяць агуркі, паабразаюць у іх «дупкі», прыносяць абрэзкі назад і прымушаюць узважыць і вярнуць за іх грошы па вазе: маўляў, мы ж іх не ядзім. А аднойчы асабліва вынаходлівая бабка костачкі з чарэшань прынесла: маўляў, вунь яны колькі заважылі, а іх жа не з’ясі!..»

Мы пасля доўга размаўлялі пра тое, што яшчэ гадоў дваццаць таму падобныя паводзіны здаваліся б, мякка кажучы, дзівакаватымі, а сёння ўспрымаюцца як норма. Штосьці ў нашых мазгах (ці ў душах?) сапраўды пераключылася не ў той бок.

«Чалавек чалавеку — воўк», — вырашыла пафіласофстваваць я. «Гэта сёння неактуальна, воўк — звер правільны, калі кусае, дык кусае. Чалавек чалавеку — скунс. Нагадзіць і пойдзе далей, прычым беспакарана», — адказаў мой суразмоўца.

Я хацела запярэчыць, але не знайшла, што сказаць…

Алена ЛЯЎКОВІЧ, «Звязда»