Як Ала Петрушкевіч паставіла помнік сваёй малой радзіме

Сустрэнеш на гарадскіх вуліцах гэтую жанчыну – не адвядзеш вачэй. Лёгкая паходка, прыгожы стан, абаяльная ўсмешка і нейкі чароўны жаночы вобраз, які так удала дапаўняюць арыгінальныя капялюшыкі. Здагадаліся, пра каго ідзе гаворка?.. Ала Петрушкевіч – асоба, знакамітая ў горадзе. Літаратуразнаўца, пісьменніца, кандыдат філалагічных навук, выкладчык з вялікім стажам працы ў Купалаўскім універсітэце. А яшчэ – вельмі сціплы чалавек, неверагодна эканомная гаспадыня, шчаслівая жонка і маці, фанатка якаснай літаратуры, бэзу, язміну і півоняў. Але аб усім па парадку.

З любоўю да кожнай сцежкі

Амаль год назад убачыла свет яе кніга «Шчонаўскія абразкі», прысвечаная малой радзіме аўтаркі. Выйшла яна пад псеўданімам Альжбета Кеда. Такое прозвішча пісьменніца ўзяла невыпадкова – яго насіла яе бабуля. Гэта была вялікая сям’я, але так сталася, што прозвішча звялося. Вось унучка яго і адрадзіла.

Да гэтага пра невялічкую вёску Шчонава, што у Карэліцкім раёне, ніхто не пісаў. Праўда, калі «абразкі» ўжо выйшлі, Ала Мікалаеўна даведалася, што ў «Аповесці з майго часу, або Літоўскіх прыгодах» класіка XIX стагоддзя Ігнація Яцкоўскага падзеі развіваюцца менавіта на яе роднай шчонаўскай зямлі.

Кніга гродзенскай пісьменніцы – гэта непрыдуманая проза. Мастацка-дакументальныя аповеды, якія пабудаваны выключна на рэальных гісторыях. «Шчонаўскія абразкі» – кніга пра маленькую вёсачку, якая ўжо памірае. Па сутнасці, гэта жывая гісторыя, у цэнтры якой – сапраўдныя людзі, іх лёсы, радасці і хваляванні, будні і святы… Асабліва кранае раздзел, прысвечаны бацькам. Кожны абразок прасякнуты настальгіяй і непадробнай любоўю да кожнага аднавяскоўца, да кожнай хаты, кожнай сцежачкі. Чытаючы, нельга гэтага не заўважыць. Таксама як і кранальнай цеплыні кожнага слова, у якое аўтар уклаў свае пачуцці, перажыванні, успаміны. Нельга не адчуць, што кожны шчонавец дарагі яе сэрцу.

Дарэчы, Ала Мікалаеўна прызналася, што пісала «Шчонаўскія абразкі»… усё сваё жыццё. Аповеды бабулі, няні цёткі Ганны, вясковых жанчын, якія збіраліся каля іх хаты. З маленства Ала любіла слухаць гэтыя гісторыі і захавала ў памяці, не на паперы, усё трымала ў галаве. З цягам часу стала друкаваць гэтыя аповеды ў альманаху «Новы замак». Яны, дарэчы, мелі вялікі поспех сярод чытачоў, а адна жанчына сказала літаратуразнаўцы: «Хопіць ужо пісаць пра чужыя кнігі, пішыце свае». Апошнія два гады аўтарка мэтанакіравана займалася зборам матэрыялаў. Рэдагаваў кнігу знакаміты Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч – вялікі беларускі літаратуразнавец, якога Ала Мікалаеўна лічыць не толькі сваім настаўнікам літаратурным, але і духоўным. Вялікім сябрам. Дарэчы, ён не паправіў у рукапісе ніводнага слова. Для аўтаркі – гэта найвышэйшая адзнака.

oblojka

І плакалі, і смяяліся

Пасля выхаду «Шчонаўскіх абразкоў» на малой радзіме пісьменніцы развярнулася амаль што …вайна. Між тым для яе такі ход падзей не стаў нечаканым. Яна здагадвалася, што ў некаторых далікатных сітуацыях, апісаных у кнізе, нехта пазнае сябе, сваіх родных. Таксама і з мянушкамі, якія аўтарка падала, хоць самых крыўдных не называла. Усё ж знайшліся тыя, хто пакрыўдзіўся. Адна з такіх крычала амаль што на ўсю вясковую вуліцу: «Хай толькі прыедзе, я ёй пакажу!» Другая жанчына казала, што таленавітую зямлячку будзе «грудзьмі абараняць». Праўда, калі Ала Петрушкевіч наведалася на радзіму, накал пачуццяў прайшоў. Прэзентацыя кнігі адбылася на роднай зямлі, у вёсцы Райца, што непадалёку ад Шчонава (пра яе таксама расказваецца ў «абразках»). Кніга зрабіла фурор, людзі прызнаваліся, што калі чыталі яе, то і смяяліся, і плакалі. Нават тыя, хто не мае ніякай сувязі з в. Шчонава, гаварылі, што пазналі сваё, роднае. Адна чытачка сказала, што «абразкі» ляжаць на яе стале як Біблія. І многія сышліся на тым, што, стварыўшы гэту кнігу, аўтарка паставіла помнік маленькай вёсцы, якая ўжо памірае. А значыць, не адно стагоддзе яшчэ будзе ісці слава пра тое самае Шчонава. Ала Петрушкевіч, хоць і сціплы чалавек, разумее, што зрабіла вялікую справу. Дзякуючы ёй, на малую Радзіму сваіх сваякоў сталі прыязджаць людзі з розных куточкаў нашай краіны і не толькі. Нават тыя, хто тут ніколі не быў. Уяўляеце, дзяўчына з Германіі знайшла ў інтэрнэце урывак з той самай кнігі, а на размешчаным фотаздымку пазнала сваю бабулю. У сацсетках напісала Але Петрушкевіч падзяку і выправіла на бацькоўскую зямлю сваіх родных.

З добрым настроем

Сама Ала Мікалаеўна ў родным Шчонаве бывае даволі часта. Тут яна па-сапраўднаму адпачывае душой. У кожнай хаце яе прымаюць як дарагога госця, зойдзе ў любую, быццам да роднай цёткі. Такія вандроўкі на малую радзіму натхняюць і акрыляюць.

Для яе, асобы творчай, гэта немалаважна. Хоць ўпэўнена: тыя, хто піша прозу, не павінны чакаць азарэння.

– Проза патрабуе рабскай працы, – лічыць пісьменніца, – гэта бяссонныя ночы, выкройванне сюжэтаў, хваляванні… Некаторыя думаюць, маўляў, што тут такога, сядай і пішы. Прозу можа ствараць чалавек адносна вольны, менавіта таму я і стала пісаць цяпер, калі не маю асноўнай працы.

Ала Петрушкевіч амаль дваццаць пяць гадоў выкладала беларускую літаратуру ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, які і скончыла. Ганарыцца тым, што ў свой час ёй пашанцавала вучыцца ў выдатных выкладчыкаў, такіх, як Мікола Янкоўскі, Аляксей Пяткевіч, Іван Лепешаў, Томаш Тамашэвіч, Святлана Мусіенка.

Пісьменніца можа дазволіць сабе пісаць для свайго задавальнення. Прычым ніколі не падыходзіць да кампь’ютара ў дрэнным настроі. А яшчэ многа чытае. Увогуле, лічыць, што пісьменнік, які не чытае, – гэта не пісьменнік. Абсурд. Нонсэнс. І ён ніколі не створыць нічога вартага.

Яна не прапускае ніводнага нумара часопіса «Дзеяслоў», таму што, па яе меркаванні, усё самае лепшае друкуецца там. Свежанькім нумарам можа зачытвацца да паўночы. Перачытала ўсю беларускую класіку, больш за ўсё падабаецца паэзія Максіма Багдановіча, а любімай кнігай на працягу многіх гадоў застаецца «Анна Карэніна». А вось на жаночую прозу ў каляровых вокладках, прызналася, у яе алергія.

veska13-a58cv

Эканомная гаспадыня

Сёння Ала Петрушкевіч піша і выдае кнігі, друкуецца ў «Літаратурнай Беларусі», «ЛіМе», альманаху «Новы Замак», праводзіць імпрэзы, прэзентацыі, удзельнічае ў канферэнцыях, супра-цоўнічае з «Універсітэтам Залатога Веку», займаецца лацінаамерыканскімі танцамі. Увогуле, не адстае ад жыцця.

А, самае галоўнае, адчувае сябе шчаслівай жанчынай. Мае дваіх дзяцей і аднаго ўнука, а муж Віктар Іванавіч падтрымлівае ўсе яе пачынанні. Ала Мікалаеўна адкрыта прызналася, што паміж ёй і мужам – нешта значна большае, чым каханне. Павага, шанаванне, шкадаванне… Яны і нарадзіліся з ім у адзін дзень, толькі ў розныя гады. Дарэчы, муж – самы першы чытач яе твораў. Пра свайго Віктара Іванавіча суразмоўца гаворыць з неверагоднай пяшчотай, любоўю, павагай. Ён працуе старшынёй калгаса. Хатнія клопаты ніколі не перакладае на мужа. Хоць, прызналасяАла Петрушкевіч, страшэнна не любіць гатаваць. Затое лічыць сябе вельмі эканомнай гаспадыняй:

– Я ніколі не зарабляла грошай, затое ўмею эканоміць тыя, што зарабляе муж. Не эканомлю толькі на здароўі і дзецях.

Яшчэ адно захапленне гродзенскай пісьменніцы – кветкі. На лецішчы ў яе сапраўдны кветкавы рай – тут любімы мамін бэз, бабулін язмін, півоні, ружы, каралевічы, настуркі… Яна і сама – нібы тая кветка. Прыгожая, яркая. А постаці можа пазайздросціць любая прыгажуня. Быць такой, гаворыць жанчына, ёй дапамагае пазітыўнае стаўленне да жыцця і пастаянны рух. Нікому ніколі не жадае злога, навучылася маліцца за сваіх ворагаў, дараваць.

Ала Петрушкевіч заўсёды выглядае выдатна, прадумвае вобраз да дробязей, сустрэчныя часта адорваюць кампліментамі. На якія яна адказвае строга і проста: «Я адпавядаю гэтаму гораду, каралеўскай Гародні».

Марина Талай, «Перпсектива»