Моладзь Беларусі і Расіі агучыла перспектыўныя кірункі сумеснай дзейнасці

Яшчэ да сустрэчы на пасяджэнні секцыі ў Магілёўскім універсітэце імя А. Куляшова маладыя хлопцы і дзяўчаты змаглі абмяняцца думкамі наконт сумесных праектаў, пабываць на прадпрыемствах вобласці, задаць пытанні міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігару Карпенку, заключыць пагадненні паміж рэгіёнамі. Менавіта з падсумавання вынікаў Маладзёжнага форуму і пачалася работа секцыі «Сацыяльная і грамадзянская актыўнасць моладзі Беларусі і Расіі: традыцыі і навацыі». Яе мадэратарамі выступілі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка і член Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па сацыяльнай палітыцы Таццяна Лебедзева.

Віктар Сірэнка адразу ж падкрэсліў вялікі патэнцыял супрацоўніцтва ў развіцці маладзёжных парламентаў:

— Моладзь нашых краін вельмі блізкая па духу, хутка знаходзіць агульную мову. Што датычыцца беларускага маладзёжнага парламента, то тут мы яшчэ ў пачатку спраў, дзесьці адстаём ад Расійскай Федэрацыі. Форум рэгіёнаў, спадзяюся, стане стымулам для развіцця парламенцкага руху, пачынаючы ад студэнцкіх грамадскіх аб’яднанняў і заканчваючы раённымі фарміраваннямі. Злёт студэнцкіх атрадаў, валанцёрскі рух — гэта ўсё тыя формы, якія могуць аб’яднаць.

Старшыня Асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў «Нацыянальны Савет маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў Расіі» Рыгор Петушкоў адзначыў важнасць стасункаў моладзі Беларусі і Расіі па ўсіх кірунках:

— Праз некалькі гадоў менавіта цяперашняя моладзь будзе працаваць ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, і чым эфектыўней сёння выступаюць прадстаўнікі маладзёжных арганізацый, тым вышэйшы будзе ўзровень ва ўсіх сферах — ад адукацыі і медыцыны да сельскай гаспадаркі і навукі. Ёсць разуменне нашай агульнай гісторыі, традыцый. Мы разам рыхтавалі і праводзілі Сусветны форум моладзі і студэнтаў, наперадзе ў нас шмат вялікіх сумесных мерапрыемстваў. Нам толькі трэба сінхранізаваць агульныя падыходы нашай работы. Сёння мы працуем над стварэннем стратэгіі маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы, падпісваем пагадненні паміж рэгіёнамі.

Дарэчы, Маладзёжны форум якраз і пачынаўся шэсць гадоў таму з грамадскай ініцыятывы і ўпершыню прайшоў у Мінску. І тое, што ён дарос да маштабнага і нават атрымаў запрашэнне на, як казалі студэнты, «дарослы» Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, — сведчанне таму, што моладзь вельмі хутка інтэгруецца.

Першы сакратар БРСМ Дзмітрый Варанюк звярнуў увагу на тое, што моладзь Беларусі і Расіі мае шмат агульных інтарэсаў, а мабільныя зносіны дазваляюць ім вельмі хутка вырашаць шматлікія задачы:

— Зараз акцэнт робіцца на найноўшыя тэхналогіі, да нашых паслуг — інтэрнэт-прастора. У Беларусі створана анлайн-пляцоўка, дзе мы дзелімся ідэямі, расказваем пра свае дасягненні, ініцыятывы. Цяпер распрацоўваецца праграма, якая забяспечыць адзіную электронную сістэму членаў нашай арганізацыі. Да яе плануецца далучыць усіх актыўных, крэатыўна мыслячых маладых людзей. У нас існуе беларуская мадэль бізнес-інкубатараў, патэнцыял якой можа быць выкарыстаны ў мэтах агульных з расіянамі інтарэсаў.

Найбольш перспектыўныя шляхі маладзёжнай інтэграцыі ўдзельнікі секцыі бачаць у стварэнні агульнай медыйнай прасторы, узаемадзеяння на розных міжнародных пляцоўках, развіцці студэнцкага і валанцёрскага руху. Больш плённаму супрацоўніцтву пакуль перашкаджаюць некаторыя несупадзенні ў заканадаўствах Беларусі і Расіі, але яны ўжо ў полі зроку. Адной з цікавых прапаноў, агучаных падчас Форуму рэгіёнаў, была ідэя стварыць сумесны агітцягнік, які б курсіраваў паміж Брэстам і Уладзівастокам. Гэта б дало магчымасць моладзі лепш пазнаёміцца, а таксама правесці шэраг карысных акцый. Але і тут трэба будзе ўрэгуляваць некаторыя юрыдычныя пытанні. Існуе ўзаемнае жаданне ўдзельнічаць у сумесных будатрадах. Пакуль існуе толькі некалькі прыкладаў такога супрацоўніцтва, нягледзячы на тое, што ёсць вялікая зацікаўленасць.

Удзельнікі секцыі палічылі неабходным актывізаваць намаганні, накіраваныя на развіццё маладзёжнага парламентарызму і самакіравання, усталяванне кантактаў і дзелавых сувязяў паміж маладзёжнымі арганізацыямі і аб’яднаннямі дзвюх краін. Ёсць намер за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы распрацаваць праграму па рабоце з таленавітай і адоранай моладдзю, а таксама праект Стратэгіі маладзёжнай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Разглядаецца магчымасць стварэння пастаяннай пляцоўкі па абмене досведам паміж маладзёжнымі лідарамі і грамадскімі аб’яднаннямі маладых людзей. У планах далейшага супрацоўніцтва — заключэнне пагадненняў паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі і пашырэнне ўзаемадзеяння паміж рэгіянальнымі ВНУ ў адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай сферах.

Нэлі Зiгуля, «Звязда»