Губернатар Іркуцкай вобласці — пра агульныя інтарэсы і сумесныя праекты

Ад Мінска да Іркуцка шлях няблізкі — восем гадзін лёту (з перасадкай у Маскве, прамога рэйса пакуль няма), пяць тысяч кіламетраў. Але ў наш час нават такая значная адлегласць не перашкода для плённага супрацоўніцтва, калі ёсць на гэта жаданне і памкненне. Аб тым, што гэты сібірскі рэгіён мае эканамічныя адносіны з нашай краінай, можна здагадацца ўжо ў іркуцкім аэрапорце — пасажыраў ад самалёта да будынка аэравакзала дастаўляе наш родны МАЗ. У самім горадзе давялося бачыць краму з надпісам «Беларускія прадукты»…

Новы імпульс супрацоўніцтву даў візіт дэлегацыі Іркуцкай вобласці амаль два гады таму ў Беларусь. Губернатара расійскага рэгіёна тады прымалі на найвышэйшым узроўні, прадстаўнікі дзелавых колаў наведалі буйныя прадпрыемствы, падпісалі шэраг дамоў аб супрацоўніцтве. Наступным крокам у гандлёва-эканамічным збліжэнні быў ІV Форум рэгіёнаў, падчас якога падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж урадам Іркуцкай вобласці і Брэсцкім аблвыканкамам.

Аб тым, як гэта супрацоўніцтва рэалізуецца на практыцы, удалося запытаць у непасрэднага гульца на гэтым полі, дакладней, калі працягваць спартыўную аналогію, — у капітана адной з камандаў — губернатара Іркуцкай вобласці Сяргея ЛЕЎЧАНКІ.

«Пасля падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве з Брэсцкай вобласцю павялічыліся пастаўкі сельгаспрадукцыі з гэтага рэгіёна. Пастаянныя сталі паездкі прадстаўнікоў дзелавых колаў, якія знаходзяць агульную мову і наладжваюць супрацоўніцтва, — расказаў губернатар. — Мы ўжо прымалі ў сябе дэлегацыю з Брэста на чале са старшынёй аблвыканкама Анатолем Лісам. Мы з Анатолем Васілевічам знаходзім паразуменне па ўсіх пытаннях, у нас склаліся вельмі добрыя сяброўскія адносіны…»

Акрамя эканамічнага супрацоўніцтва, «чырвоны» губернатар Іркуцка (Сяргей Георгіевіч — прадстаўнік КПРФ) бачыць вельмі важным супрацоўніцтва гуманітарнае, асабліва ў плане захавання гістарычнай праўды і патрыятычнага выхавання. «Я быў уражаны тым, што ўбачыў у Брэсцкай крэпасці падчас сваёй паездкі, — падзяліўся ён з журналістамі. — Таму 22 чэрвеня мы адправілі нашу дзіцячую дэлегацыю для ўдзелу ў мітынгу-рэквіеме, і яны таксама былі здзіўлены тым, як свята шануюць у Беларусі памяць аб тых страшных падзеях нашай агульнай гісторыі. Што такое гераізм і як гэта — аддаць сваё жыццё за радзіму, лічу, што цяпер падрастаючаму пакаленню карысна задумвацца над гэтымі пытаннямі». Што датычыцца культурнага супрацоўніцтва паміж Іркуцкай вобласцю і нашай краінай, дык тут вельмі дапамагае беларуская дыяспара ў сібірскім рэгіёне. Яна, па ацэнцы губернатара, «адна з самых актыўных, якая шчыра рупіцца аб захаванні сваёй самабытнасці і народных традыцый».

У вялікай па плошчы вобласці (на яе тэрыторыі размесцяцца тры Беларусі) з не меншымі прыроднымі багаццямі (адно возера Байкал з яго запасамі прэснай вады чаго вартае, а тайга!) вялікая і прыцягальнасць для айчыннага і замежнага бізнесу. Губернатар не супраць прыходу інвестараў, нават вітае іх, але займае цвёрдую пазіцыю: «Любы бізнесмен будзе шукаць у нас лёгкі варыянт: у нашым выпадку — гэта ўзяць і выкарыстаць прыродныя багацці. Але гэта мы — дзяржава, улада на гэтай зямлі, вырашаем, што мы будзем рабіць для развіцця гэтага краю, і прапаноўваць бізнесу далучацца да гэтай справы, ствараючы для яго спрыяльныя ўмовы».

Што датычыцца сумесных з Беларуссю прадпрыемстваў, тут работа вядзецца па некалькіх кірунках, але адзін праект ужо рэальна працуе. «Мы стварылі сумесную вытворчасць ліфтаў, і зараз, дзякуючы ў тым ліку і гэтаму, паспяхова вырашаем пытанне капітальнага рамонту жылля ў гарадах, — гаворыць Сяргей Леўчанка. — Сумесна выпусцілі ўжо каля 300 ліфтаў. Перш чым спыніцца менавіта на Магілёўскім прадпрыемстве, доўга выбіралі сярод сваіх айчынных вытворцаў, але па спалучэнні цана — якасць спыніліся на беларускіх».

Сярод іншых перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва Сяргей Леўчанка назваў пастаўкі ў рэгіён сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання беларускай вытворчасці, стварэнне перапрацоўчых прадпрыемстваў у сферы сельскай гаспадаркі і дрэваапрацоўкі ў Іркуцкай вобласці, пашырэнне таварнай наменклатуры ўзаемных паставак, развіццё супрацоўніцтва ў галіне турызму.

У тым, што ўсе пагадненні — падпісаныя і якія падпішуцца ў хуткім часе — будуць якасна выконвацца з абодвух бакоў, губернатар Іркуцкай вобласці не сумняваецца. Пра сумленнасць і адказнасць беларусаў ведаюць ва ўсім свеце, а пра сваіх землякоў Сяргей Леўчанка кажа так: «Сібіракі — вельмі адказныя людзі, яны не спадзяюцца на дзядзьку, які прыйдзе і вырашыць іх праблемы. Тут усё трымаецца на тых, хто сам сябе зможа забяспечыць і абараніць, хто не ные, не плача, не чакае манны нябеснай…»

Хроніка адносін

  • У снежні 2016 года — падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным і гуманітарным супрацоўніцтве паміж урадам Іркуцкай вобласці і ўрадам Рэспублікі Беларусь.
  • 18 мая 2017 года Мінэканамразвіцця Іркуцкай вобласці і кампанія ААТ «Магілёўліфтмаш» падпісалі пагадненне аб размяшчэнні ва Усоллі-Сібірскім сумеснага прадпрыемства па зборцы ліфтавага абсталявання.
  • У чэрвені 2017 года дэлегацыя Іркуцкай вобласці прыняла ўдзел у міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «БелАгра-2017», дзе ЗАТ «Облагроснаб» правяло перамовы з прадстаўнікамі «МТЗ-Холдынг» аб пастаўках трактароў малой магутнасці з прадастаўленнем 30 %-най зніжкі.
  • 30 чэрвеня 2017 года — на Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж урадам Іркуцкай вобласці і Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам.

Алена Ляўковіч, Іркуцк — Мінск, «Звязда»