Падарунак яраслаўская мастачкі

Сёлетні Фэст мастацтваў беларусаў свету прысвячаўся тром юбілейным датам: 950-годдзю Мінска, 135-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Мы пісалі ўжо: сталіцу госці-супляменнікі павіншавалі вялікім канцэртам, які праходзіў каля Ратушы. А ў рэпертуары артыстаў было шмат песень на словы беларускіх Песняроў. Да таго ж у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы сустрэліся літаратары беларускага замежжа з пісьменнікамі Беларусі, а Яніна Піотух, маладая мастачка з расійскага Яраслаўля, перадала ў дар Літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа партрэт класіка.

Такім уявіла сабе Якуба Коласа Яніна Піотух  ФОТА: КАЦЯРЫНА МЯДЗВЕДСКАЯ
Такім уявіла сабе Якуба Коласа Яніна Піотух
ФОТА: КАЦЯРЫНА МЯДЗВЕДСКАЯ

На адкрыцці выставы твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа ў Белдзяржфілармоніі Яніна Піотух казала: як атрымала запрашэнне на Фэст мастацтваў беларусаў свету, то ў яе адразу з’явілася ідэя напісаць партрэт Якуба Коласа. З творчасцю яго мастачка добра знаёма, чытала коласаўскія вершы, паэмы. А зварот да беларускай тэматыкі ў Яніны ўжо не першы: да 125-х угодкаў Максіма Багдановіча яна падарыла партрэт бацькі паэта, Адама Ягоравіча, яраслаўскаму музею класіка беларускай літаратуры. Нарадзілася ж Яніна, як і яе любімы паэт, у Яраслаўлі. Казала: “Цяпер у доме пісьменніка створаны музей, у якім часта збіраюцца беларусы. Бываю там і я”. Дарэчы, у беларускай суполцы Яніна — з самага дзяцінства. Бацькі мастачкі, Ірына Іванаўна і Дзяніс Станіслававіч Піотухі, — таксама ў ёй, хоць родам абодва з горада Рыбінска Яраслаўскай вобласці. З Беларусі ж у Расію некалі прыехаў дзядуля Яніны, Станіслаў Мечыслававіч Піотух. Менавіта ён і прывіў любоў да Бацькаўшчыны дзецям ды ўнукам… Наведваць вёску Мацэвічы, што ў Мінскім раёне, адкуль родам дзядуля, для яраслаўскіх беларусаў стала ўжо традыцыяй.

Прымаючы падарунак, дырэктарка Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская падзякавала мастачцы, з прыемнасцю адзначыла: “Для нас вялікая радасць і шчасце, калі моладзь звяртаецца да Коласа. Яніна вельмі хораша адлюстравала вобраз пісьменніка: на партрэце ён і задумлівы, і мудры…” Зінаіда Мікалаеўна падарыла Яніне Піотух новае выданне паэмы “Новая зямля”.

Дырэктар Коласаўскага музея Зінаіда Камароўская і Яніна Піотух ФОТА: КАЦЯРЫНА МЯДЗВЕДСКАЯ
Дырэктар Коласаўскага музея Зінаіда Камароўская і Яніна Піотух
ФОТА: КАЦЯРЫНА МЯДЗВЕДСКАЯ

У Фэсце мастацтваў беларусаў свету паўдзельнічаў і ансамбль песні “Крыніца” з Яраслаўля. Кампазіцыяй “Вітальная” гурт адкрываў праграму святочнага канцэрта ў Белдзяржфілармоніі. Выступілі артысты й на пляцоўцы Верхняга горада ў Дзень Мінска, пабывалі ў творчым турнэ па Гомельшчыне: наведалі старажытны Тураў, выступалі перад жыхарамі Жыткавіч.

Шмат уражанняў ды ўспамінаў павезлі госці дадому. Пасля пісала мне Яніна, што “сустрэча з Радзімай натхніла на далейшую творчасць”. У планах яе — закончыць Акадэмію жывапісу, скульптуры і дойлідства імя І. Глазунова (яна ўжо на шостым курсе). Прызналася: хоча зноў прыехаць у Мінск, каб паказаць жыхарам, гасцям горада горада свае творы. А ў тым, што ў карцінах будуць і надалей праяўляцца беларускія матывы, фарбы і вобразы зямлі продкаў, яна не сумняваецца.

Кацярына Мядзведская, Голас Радзімы