Пра што даведалася наш карэспандэнт падчас прэс-тура «Друзья-Сябры» ў Санкт-Пецярбург.
Таўрыйскі палац у Піцеры можна лічыць сімвалам цеснага ўзаемадзеяння народных абраннікаў Расіі і Беларусі. Менавіта тут у 1906 годзе запрацаваў першы парламент Расійскай імперыі, у якую ўваходзіла і Беларусь. А ў 1992 годзе расійскі прэзідэнт Барыс Ельцын перадаў гэты будынак Міжпарламенцкай асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), дзе ў складзе Пастаянных камісій сёння працуюць у тым ліку і беларусы. Штаб-кватэру рэгулярна наведваюць старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч і Уладзімір Андрэйчанка. Але, як высветлілася, тут заўсёды рады і больш простым беларускім гасцям.
Законы, якія аб’ядноўваюць
Генеральны сакратар Асамблеі Аляксей Сяргееў лічыць, што адносіны двух братэрскіх народаў павінны быць яшчэ больш цеснымі і плённымі. За 25 гадоў існавання ў гэтых сценах Міжпарламенцкай асамблеяй было распрацавана больш за 500 законаў для нацыянальных парламентаў краін-удзельніц. Адказваючы на пытанне нашага карэспандэнта пра ролю Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які будзе праводзіцца сёлета ў Маскве, Аляксей Сяргееў назваў гэтую падзею знамянальнай, якая істотна ўплывае на актывізацыю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
«Мы, як назіральнікі Міжпарламенцкай асамблеі, прымаем у ёй непасрэдны ўдзел, паколькі, на наш погляд, адносіны паміж дзяржавамі павінны будавацца не толькі па лініі вышэйшага ўзроўню, але і па ўсіх іншых кірунках, — удакладніў ён. — Канцэпцыя міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, якая ў верасні 2016 года была прынятая ў Бішкеку на Савеце кіраўнікоў дзяржаў, распрацавана менавіта Міжпарламенцкай асамблеяй СНД».
У беларускіх журналістаў была рэдкая магчымасць не толькі пабываць у гістарычнай зале пасяджэнняў Думы, але і ацаніць тутэйшы прэс-цэнтр.
Кіраўнік прэс-службы Сакратарыята Савета Міжпарламенцкай асамблеі Святлана Малініна заўважыла, што ў іх атрымалася «без адзінага цвіка» (будынак ахоўваецца як гістарычная каштоўнасць) стварыць сучасны медыя-цэнтр, адкуль сёння могуць весціся анлайн трансляцыі пасяджэнняў.
Таямніцы дома на Шпалернай
Прыгожы палац, пабудаваны найсвятлейшым князем Рыгорам Пацёмкіным болей за 200 гадоў таму ў гонар вялікай расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, і цяпер здзіўляе сваімі памерамі. Зала для баляў па сённяшні дзень з’яўляецца самым вялікім памяшканнем не толькі ў Санкт-Пецярбургу, але і ў Еўропе.
Тут адначасова можа знаходзіцца да 3 тысяч чалавек. Самае цікавае, што з вуліцы палац здаецца як мінімум разы ў два меншым, чым ёсць на самай справе. Князь вельмі хацеў уразіць імператрыцу і ўвасобіў у жыццё самыя перадавыя на той час архітэктурныя ідэі.
Ён спадзяваўся дабіцца былой прыхільнасці Кацярыны, у якой з’явіўся новы фаварыт, і не шкадаваў для гэтага грошай. Самым незвычайным месцам палаца быў Зімовы сад, які хаваўся ад старонніх вачэй у глыбіні будынка.
Па памерах ён не саступаў бальнай зале і быў упрыгожаны экзатычнымі дрэвамі і фантанамі, з якіх лілася лавандавая вада… Але надзеям князя не наканавана было спраўдзіцца. Пасля смерці найсвятлейшага Кацярына ІІ купіла палац, і да 1917 года ён належаў дынастыі Раманавых.
Менавіта на месцы экзатычнага Зімовага сада падчас праўлення апошняга расійскага цара Мікалая ІІ і размясціўся першы парламент. Цар з цяжкасцю прыняў гэта няпростае для сябе рашэнне.
Спачатку была спроба зрабіць проста дарадчую думу — без магчымасці прыняцця законаў, але ў рэшце рэшт быў зацверджаны менавіта той варыянт, які меў заканадаўчую сілу. Ніякага парламенцкага вопыту Расія не мела, а таму за аснову быў узяты французскі парламент, у выніку чаго і з’явіліся дзве палаты — верхняя (Дзяржаўны Савет) і ніжняя (Дума).
Дарэчы, дзякуючы гэтаму варыянту дэпутаты сёння выступаюць за трыбунамі, а не з месца, як гэта практыкуюць у Італіі. Мэбля для залы на 560 месцаў была заказана на вядомай піцерскай фабрыцы Мельцара.
У 1907 годзе, напярэдадні выступлення старшыні савета міністраў Пятра Сталыпіна, у зале пасяджэнняў ноччу абрынулася столь. Усе вырашылі, што гэта тэракт. Але ў ходзе расследавання высветлілася, што пры будаўніцтве думскай залы былі выкарыстаны няякасныя будматэрыялы.
Драўніна рассохлася і з яе павыпадалі цвікі. Калі б гэта адбылося днём, каля 300 дэпутатаў маглі б загінуць. А яшчэ гэта надзвычайная сітуацыя «абнародавала» не менш сенсацыйную навіну. Мэбля славутай фабрыкі, якая была заяўлена ў дакументах як дубовая, аказалася… асінавай і каштавала ў 6 разоў танней. Скандал быў вялікі. Фабрыка прынесла свае выбачэнні, але пастаўшчыком імператарскага дома быць перастала.
Першы парламент праіснаваў усяго 11 гадоў. За гэты перыяд было выбрана 4 Думы, але цалкам свой тэрмін адпрацавала толькі 3-я. Першая і другая былі распушчаны, а дзейнасць апошняй, чацвёртай, перапыніла рэвалюцыя.
25 рублёў за прагул
Першым дэпутатам прыходзілася працаваць у вельмі строгіх умовах. За парадкам у зале пасяджэнняў сачылі прыстаў і яго памочнікі. Ніхто не меў права дакранацца да дэпутата, акрамя гэтых людзей.
Калі народны абраннік занадта разыходзіўся, яго выдалялі з залы, а пры супраціўленні нават маглі вынесці на руках. Дэпутаты, калі прыходзілі, павінны былі асабіста ўпісаць сваё прозвішча ў спіс. За спазненне належала плаціць штраф, а за прагул наогул 25 рублёў — вялікія па тых часах грошы.
На пасяджэннях дэпутаты павінны былі паводзіць сябе прыстойна, не лаяцца і не абражаць адзін аднаго. За парушэнні іх на нейкі тэрмін пазбаўлялі права прысутнічаць у зале.
Некаторыя дэпутаты дэманстравалі дзіўную вынаходлівасць. Лідар кадэцкай партыі Павел Мілюкоў нават працаўладкаваўся афіцыянтам у тутэйшы рэстаран, каб падчас абедзеннага перапынку мець магчымасць падсесці да століка патрэбнага яму дэпутата і абмеркаваць неабходныя пытанні.
А яшчэ дэпутаты вельмі баяліся журналістаў, якія маглі задаваць ім непрыемныя пытанні. У выніку для пішучай браціі ў Думскай зале выдзелілі спецыяльныя месцы, адкуль у іх не было прамога доступу да дэпутатаў. Але гэта не перашкаджала крытыкаваць іх дзейнасць. Кожнае слова, якое прамаўлялася на пасяджэннях, магло быць адлюстраваным у карыкатурах.
Як сімвал непадкупнасці тагачасных дэпутатаў, у Таўрыйскім палацы захоўваецца прылада для тайнага галасавання. Канструкцыя вельмі простая: труба і дзве скрыні па баках. Дэпутат прасоўваў руку ў трубу і кідаў шарык у левую ці правую.
Пасля кожнага дэпутата, а іх было каля 450, скрыні правяраліся. Ігнараваць працэдуру ніхто не меў права, ды і падрабіць шар для галасавання было немагчыма. Спробы падмануць і закінуць замест яго камень або нешта іншае адразу ж перапыняліся.
Такія прылады былі вельмі распаўсюджаны ў царскай Расіі, імі шырока карысталіся ў земствах. На жаль, той, з дапамогай якой галасавалі першыя думскія дэпутаты, не захавалася…
Кабінет Валянціны Мацвіенкі
Жоўты павільён, які знаходзіцца на задворках Таўрыйскага палаца, быў створаны спецыяльна для работы Дзяржаўнай Думы. Існуе меркаванне, што гэта было зроблена спецыяльна, каб паміж міністрамі і дэпутатамі не адбывалася нейкіх змоў.
Але на самай справе ў тагачасных міністраў і дэпутатаў былі да таго напружаныя адносіны, што першых прыходзілася ратаваць ад гневу другіх.
Зараз гэта не актуальна, але па-ранейшаму існуюць асобны ўезд на тэрыторыю Таўрыйскага саду, асобны ўваход у міністэрскі павільён і невялікая шкляная галерэя, якая злучае яго з Думскай залай.
У ХХІ стагоддзі гэты павільён вельмі актыўна выкарыстоўваецца. Сюды прыязджаюць першыя асобы дзяржавы, тут знаходзіцца кабінет Валянціны Мацвіенкі, якая ўзначальвае Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі.
Нэлі ЗІГУЛЯ, «Звязда»