Паміж Сцылай і Харыбдай

9019a86f877839858181daaa0a6393e0

Ігар Савосценка

Мировую экономику в ближайшие годы ждет очередная рецессия?

Мы жывём у эпоху агульнай нестабільнасці. Насельніцтва планеты пакутуе ад прыродных і кліматычных выклікаў, а міжнародная супольнасць ад разбурэння ключавых прынцыпаў міжнароднага права і бяспекі, жорсткіх гандлёвых войнаў, пратэкцыянізму і папулізму, фінансава-эканамічнай няўстойлівасці сусветных рынкаў і беспрэцэндэнтнага санкцыйнага ціску на канкурэнтаў асноўных эканамічных гульцоў альбо шэрагу традыцыйных ваенна-палітычных саюзнікаў. Таксама палітыкі ўсяго свету сёння рэальна занепакоеныя сталым узнікненнем у асобных рэгіёнах Зямлі геапалітычных і лакальных ваенных канфліктаў, блокавага супрацьстаяння, маштабнага міграцыйнага крызісу і шматлікіх тэрарыстычных пагроз.

Пагадзіцеся, у падобных умовах кожнай краіне становіцца ўсё складаней дзейнічаць на розных рынках, каб у поўнай ступені забяспечыць стабільнасць свайго сацыяльна-эканамічнага развіцця на сярэднетэрміновую ці больш аддаленую перспектыву. Па сутнасці, цяпер усе мы рухаемся ў будучыню паміж Сцылай і Харыбдай.

Недарэмна, паводле даклада японскіх аналітыкаў банка Nomura, на меркаванне якіх спасылаецца Інтэрфакс, сусветную эканоміку ў бліжэйшыя гады чакае чарговая рэцэсія. Магчыма, не занадта цяжкая, але ўсё ж. Асноўная падстава для гэтага, упэўнены эксперты, існуючая гандлёвая вайна і яе наступствы, а таксама правядзенне Федэральнай рэзервовай сістэмай ЗША жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі (ФРС пакрысе ўзнімае ўласную базавую стаўку, стрымліваючы доступ бізнесу да танных крэдытных рэсурсаў).

У бліжэйшыя гады, паводле аналізу банка Nomura, глабальны ВУП будзе расці стрыманымі тэмпамі. У 2019 годзе яго рост складзе 3,7 працэнта, у 2020-м — 3,5 (на 2018-ы лічба па сусветным ВУП прагназавалася на ўзроўні 3,9 працэнта). Крызісныя з’явы закрануць і Злучаныя Штаты, валавы ўнутраны прадукт якіх  замарудзіцца ў 2019 годзе з цяперашніх 2,9 да 2,4 працэнта і да 1,7 працэнта ў 2020-м.

Днямі ў Мінску падчас нарады з прадстаўнікамі ўлады і фінансава-эканамічнага блоку па праекту прагнозаў развіцця нацыянальнай эканомікі ў наступным годзе наш Прэзідэнт нагадаў, што Міжнародны валютны фонд, ацэньваючы сумарны доўг усіх дзяржаў, які цяпер перавысіў палову сусветнага валавога ўнутранага прадукту, прагназуе верагоднасць новага фінансавага крызісу.

Аляксандр Лукашэнка, як паведамляе БЕЛТА, выказаў занепакоенасць запавольваннем беларускай эканомікі, патрабуючы ад Урада аднаўлення яе росту, без якога немагчыма вырашыць ні эканамічныя, ні сацыяльныя задачы: наш дабрабыт залежыць у тым ліку і ад магчымасці народнай гаспадаркі краіны даваць адказ на глабальныя выклікі, якіх зараз нямала. Закраналіся і праблемы працы неэфектыўных прадпрыемстваў, стварэння найлепшых умоў для інвестыцый, павышэння  ўзроўню заработнай платы і пенсій.

Так, па выніках студзеня — кастрычніка рост зарплаты склаў 112,3 працэнта да адпаведнага мінулагодняга перыяду. За бягучы год яе сярэдні памер павінен вырасці да 1000 рублёў, у бюджэтнікаў да 820. У наступным годзе гэты важкі сацыяльна-эканамічны паказчык для насельніцтва павінен скласці не менш, чым 1025 рублёў. Што датычыцца Нацбанка, то ён мусіць у 2019-м утрымаць інфляцыю ў межах 5 працэнтаў, стаўку рэфінансавання — да 9,5 працэнта гадавых.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас запэўніў, што ў Беларусі працуюць над захаваннем тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту на ўзроўні 103,5%, аднак у некаторых рэгіёнах гэты паказчык не выконваецца.

А вось эканамічныя прагнозы адносна нашай краіны ад вядомых міжнародных банкаўскіх структур. Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) адзначае аднаўленне росту эканомікі Беларусі да 3,7 працэнта. Прагноз МВФ: беларускі ВУП сёлета вырасце на 3,4 працэнта супраць 2,8, якія фонд вызначыў у красавіку. Сусветны банк больш песімістычны і гаворыць аб запавольванні росту айчыннай эканомікі да 2—2,5 працэнта ў 2019—2020 гадах. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) пацвярджае свой ранейшы прагноз аб росце ВУП Беларусі ў 2018-м да 3 працэнтаў і адпаведна чакае яго зніжэння да 2,5 працэнта ў 2019-м. Хто з фінансістаў мае рацыю — пакажа час.

Вось такія навіны. Сустрэнемся…

«Народная газета»