Белорусские и российские травматологи разрабатывают импланты для детей с врожденными пороками позвоночника

110125b855bcf3af0d29384cfacb7e29

Зайшлi да хваробы са спiны

Хваробы перад прагрэсам адступаюць. Падрабязнае вывучэнне праблем дзяцей з цяжкімі прыроджанымі дэфармацыямі і пашкоджаннямі пазваночніка і новыя метады лячэння гэтых захворванняў зараз рэалізуюцца праграмай Саюзнай дзяржавы. Праект прадугледжвае распрацоўку новых спінальных сістэм з выкарыстаннем тэхналогій прататыпавання ў хірургічным лячэнні.

Трохгадовая праграма распачалася напрыканцы мінулага года. За рэалізацыю праекта сумесна ўзяліся наш РНПЦ траўматалогіі і артапедыі і расійскі Навукова-даследчы дзіцячы артапедычны інстытут імя Генрыха Турнера ў Санкт-Пецярбургу.

На дадзены момант медыкі займаюцца даследчай часткай работы — вывучаюць асаблівасці паталогій пазваночніка ў канкрэтных выпадках, распрацоўваюць метады саміх аперацый. Таксама ўрачы высвятляюць генетычныя перадумовы для прагназавання ходу дэфармацый пазваночніка. А менавiта лабараторнымі метадамі даследуюць асаблівасці геному пацыентаў з мэтай высветліць, каму неабходна аперацыя ў раннім узросце, а хто можа абысціся і без хірургічнага ўмяшання. У гэтай частцы да праекта далучыўся яшчэ адзiн удзельнiк — наш РНПЦ дзіцячай анкалогіі.

— Пакуль ні ў нашай краіне, ні ў Расіі няма магчымасці аказваць якасную дапамогу дзецям з прыроджанымі анамаліямі развіцця пазваночніка з-за адсутнасці тэхнічных сродкаў вырашэння такіх хірургічных задач, — каментуе сітуацыю загадчык лабараторыі траўматычных пашкоджанняў пазваноч-ніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Мазурэнка. — Напрыклад, дагэтуль мы рабілі касцявую пластыку без фіксатараў, а сучасныя метады патрабуюць выкарыстання індывідуальных імплантаў. Падчас сумеснага праекта будуць распрацаваны новыя хірургічныя метады, у тым ліку вонкавай фіксацыі, самі імпланты, гала-апарат для дзяцей, а таксама падрыхтаваны метадычныя дапаможнікі, патэнты, артыкулы і публікацыі для аказання дапамогі пацыентам з прыроджанымі артапедычнымі захворваннямі.

Па новых методыках ужо прайшлі адзінкавыя аперацыі і яны мелі даволі паспяховы вынік. Хірургічныя ўмяшанні праводзілі сумесна з расійскімі калегамі. На аснове назапашанага досведу і сабранага за паўтара года матэрыялу хутка спецыялісты прыступяць да вырабу новага пакалення імплантаў. Справа ў тым, што замежныя фіксатары надта дарагія, таму наспела неабходнасць наладжвання ўласнай вытворчасці. Дарэчы, канструкцыі будуць распрацоўвацца як серыйныя, так і індывідуальна пад канкрэтныя выпадкі.

Штогод у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі паступае каля 50 пацыентаў з цяжкімі прыроджанымі дэфармацыямі пазваночніка. Палова з іх мае патрэбу ў аперацыі ў раннім узросце — ад 3 до 5 гадоў.

Сярод іх ёсць і малыя з неўралагічнымі парушэннямі, якія па волі лёсу прыкаваны да інваліднага крэсла.

— Канечне, у эндапратэзаванні задзейнічаны сілы не толькі медыкаў, але і хімікаў, тэхнолагаў, інжынераў. Зараз мы знаходзімся ў пошуку новых біялагічна інертных пакрыццяў і спосабаў замяшчэння коснай тканіны, у тым ліку гэта тычыцца і праграмы Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы спінальных сістэм у хірургічным лячэнні дзяцей, — падкрэслівае маштабнасць праекта Андрэй Мікалаевіч.

Вероника Уласевич, «Рэспублiка»