Агульны рынак

savostenko-igor

Игорь Савостенко

Стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза, куды сёння ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія, прадугледжаны свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы — фарміраванне ў перспектыве агульнага рынку працы аб’яднання.

У сувязі з чым узнікае неабходнасць прааналізаваць цяперашнюю сітуацыю на рынку працы наймацнейшага іграка ў ЕАЭС — Расійскай Федэрацыі, паколькі яго стан можа паўплываць на развіццё не толькі беларускай эканомікі, але і эканомік іншых дзяржаў Мытнага саюза.

У нядаўнім Пасланні Уладзіміра Пуціна Федэральнаму Сходу Расіі ключавымі драйверамі далейшага росту эканомікі краіны-суседкі вызначаны: эканамічны штуршок і інавацыйнае развіццё. За кошт чаго плануецца дамагчыся вынікаў? Найперш, укараняючы ў розныя галіны жыццядзейнасці найноўшыя тэхналогіі, прынцыпова новыя інтэлектуальныя прадукты, ажыццяўляючы робатызацыю і аўтаматызацыю вытворчасці, ствараючы прадпрыемствы сусветнага ўзроўню (чацвёрты тэхналагічны ўклад).

Спатрэбіцца не толькі гэта. Яскравым індыкатарам тут выступае менавіта расійскі рынак працы, дзе зараз адбываюцца неадназначныя працэсы. Калі гаварыць лаканічна: адчуваецца даволі востры дэфіцыт рабочай сілы. З-за дэмаграфічнай ямы 1990-х гадоў скарачаецца нараджальнасць — падобная тэндэнцыя захаваецца на працягу бліжэйшага дзесяцігоддзя. Увогуле насельніцтва старэе. Да таго ж амаль поўнасцю ў расійскай эканоміцы выкарыстаны рэсурс працуючых пенсіянераў. Пасля стабільнага перыяду 2008—2016 гадоў колькасць работнікаў у мінулым годзе знізілася на 0,5 мільёна (76,3 мільёна чалавек ва ўзросце 15—72 гадоў). Дасягненне 2006-га: найбольшая колькасць людзей працаздольнага ўзросту — 90,2 мільёна. Для даведкі: да пачатку 2016 года чысло працаздольных грамадзян РФ зменшылася на 6,6 працэнта ў параўнанні з 2006-м (да 84,2 мільёна). Летась іх стала на мільён чалавек менш.

Кадравы дэфіцыт спыняе рост ВУП і развіццё эканомікі.

І не толькі ў Расіі. З цягам часу ён будзе ўзмацняцца. Аднак нават падчас крызісу ў РФ захоўваецца адносна невялікі ўзровень беспрацоўя: па выніках 2017 года — 5,2 працэнта (4 мільёны беспрацоўных).

Эксперты ўпэўненыя: эканоміку выратуюць працоўныя мігранты. Не тыя, што працуюць у Расіі з часоў распаду СССР, а новыя высокаадукаваныя кадры з дзяржаў Садружнасці.

Насамрэч, працоўныя мігранты, занятыя некваліфікаванай работай, ужо даўно выратоўваюць краіну-суседку. Надалей іх паток сюды будзе толькі павялічвацца. Нагадаю: пачынаючы з 1992 па 2016 год насельніцтва Расіі павялічылася за іх кошт на 9,143 мільёна, спыніўшы дэпапуляцыю. Таму расіяне мусяць і надалей ствараць прэферэнцыі для прыцягнення да сябе кваліфікаваных і высокакваліфікаваных працаўнікоў, спыняць уцечку мазгоў, далучаць да інтэлектуальнай і тэхналагічнай працы на радзіме суайчыннікаў замежжа.

У дадзеным выпадку Беларусь, знаходзячыся ў эканамічным партнёрстве ЕАЭС, павінна ахоўваць і фарміраваць уласны рынак працы, забяспечваючы яго стабільнасць. Між іншым сітуацыя на айчынным рынку працы падобная да расійскай, адрозненне толькі ў лічбах.

У студзені бягучага года ў нашай краіне афіцыйна зарэгістравана 22 863 беспрацоўныя (на 1283 чалавекі менш, чым напачатку снежня мінулага года). На той жа справаздачны перыяд патрэба ў рабочых спецыяльнасцях склала 57,6 працэнта ад агульнай колькасці вакансій (годам раней — 48,5 працэнта). Згодна з Дэкрэтам № 1 “Аб садзейнічанні занятасці”, беларускім Урадам вызначаны тэрыторыі, дзе існуе пэўнае напружанне з забеспячэннем насельніцтва працоўнымі месцамі. У спісе — 48 раёнаў і гарадоў рэспублікі.

Паводле звестак статыстыкі Нацбанка, летась за межамі краіны працавала 83 тысячы беларусаў, больш за 80 працэнтаў гэтай колькасці — на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Цікава, што ў 2017 годзе даволі значна, на 21 працэнт, узраслі асабістыя грашовыя пераводы ў Беларусь з-за мяжы — на 1,055 мільярда долараў. Улічаны сумы, што прайшлі як электронныя пераводы, а таксама грошы і набытыя тавары, якія перавозяцца праз мяжу. Чыстая аплата працы склала 420,9 мільёна долараў (на 15 працэнтаў вышэй, чым у 2016 годзе).

Вось такія навіны. Сустрэнемся…

«Народная газета»