Казань браў, або Як карэспандэнт «МП» шукаў беларускі след у сталіцы Татарстана

Васіль МАЛАШЭНКАЎ

Казань – гэта не толькі старажытны татарскі горад: тут перапляліся лёсы многіх вядомых людзей. Напрыклад, частку жыцця ў ім правёў Леў Талстой. Фёдар Шаляпін увогуле вырас на казанскіх вуліцах. Яшчэ малым ён убачыў на адной з плошчаў артыстаў-вандроўнікаў і, відаць, тады нарадзілася ягоная мара пра сцэну. Калі зойдзеце ў які-небудзь храм, можаце быць упэўнены: у гэтых сценах хоць аднойчы ды спяваў Шаляпін, бо сваю кар’еру ён пачынаў менавіта ў царкоўным хоры…

Ленін сёння – гэта Леанарда Дзі Капрыа

Біяграфія правадыра рэвалюцыі таксама звязана з горадам на рацэ Ідэль (па-татарску так называюць Волгу). Тут скончыў універсітэт ягоны бацька Ілья Мікалаевіч Ульянаў. А сам Уладзімір яшчэ юнаком пераехаў у татарскую сталіцу з Сімбірска (Ульянаўска), бо жыццё там стала невыносным пасля таго як старэйшы брат учыніў замах на Аляксандра III. У Маскве ці Пецярбургу з гэтай прычыны перспектыў таксама не было, хоць і скончыў Ульянаў-малодшы гімназію з залатым медалём.

У Казані ўсё атрымалася. Ульянаў ва ўсіх класах быў першым вучнем і пры заканчэнні курса ўзнагароджаны залатым медалём «як самы годны па развіццю і паводзінах». Іронія лёсу: так напісаў бацька таго самага Аляксандра Керанскага, кіраўніка Часовага ўрада, якога менавіта Ленін і пацясніў з палітычнай сцэны…

Моладзь, аднак, цікавіцца іншым. У горадзе ёсць помнік студэнту-Ільічу. За савецкім часам так і казалі: «Сустрэнемся ля Уладзіміра Ільіча». Зараз пішуць у вайберы: «Чакаю ля Дзі Капрыа» – вельмі падобны ўжо юны Ульянаў да легендарнага акцёра, які сыграў галоўную ролю ў культавым блокбастары.

Аўтобус рэвалюцыйнага колеру

Першае, што кідаецца ў вочы ў Казані, – беларускiя чырвоныя «МАЗы», у мясцовым аўтапарку іх амаль 40 працэнтаў. Па рэйках бегаюць 40 трамваяў «Белкамунмаша».

%d0%b3%d0%b0%d1%80%d0%bc%d0%b0%d1%82%d0%b0

Гэтую гармату стральцы свіяжскага гарнізона празвалі «дзеўкіна галава» з-за выявы Гаргоны Медузы

Хто ведае, мо калі і ў казанскім метро будуць хадзіць цягнікі з фаніпальскага завода. Пакуль у татарскай падземцы курсіруюць навамодныя маскоўскія «Русічы» і зробленыя па заказу ў Санкт-Пецярбургу адмысловыя «Казані». Станцый метро ўсяго 10 – казанскі метрапалітэн самы малы ў свеце. Але на самай справе гэты тытул павінен належаць падземцы Екацярынбурга, дзе толькі 8 станцый. Затое татары паспяшаліся падаць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Удала, як бачыце…

Беларускі след

У Татарстане калісьці было шмат эвакуіраваных з БССР падчас Вялікай Айчыннай вайны. Немцы да татарскіх зямель не дайшлі. Але жыхары рэспублікі галадалі, бо ўсё ішло на фронт.

Вядомы палітык Мінцімер Шайміеў, які доўгі час быў кіраўніком рэгіёна, на сустрэчы з беларускімі журналістамі прыгадаў: «Нашы бабулі і мамы казалі, што лепш у вайну быць там (на фронце. – Аўт.). Там хоць паёк свой атрымаеш… Дый пасля вайны было цяжка. Карову падаіў, дык яшчэ і на гэтай карове збожжа трэба было вазіць».

Многія татары ваявалі. Тут памятаюць і шануюць подзвіг партызанскай Беларусі. «Дзе-дзе, а ў Беларусі практычна ўсё насельніцтва на сабе гэта (вайну. – Аўт.) адчула… Гэта праз пакаленні перадаецца, можа быць, цяжка, але станоўча. Людзі неяк па-іншаму ацэньваюць тое, што маюць», – зазначыў з гэтай нагоды Шайміеў.

Успомніў ён і пра тое, як працаваў з беларусамі на цаліне ў Казахстане. Дарэчы, менавіта ад нашых землякоў ён даведаўся пра слова «пасатыжы». Нагадаў нам Шайміеў і пра тое, што побач з Казанню, на процілеглым беразе Волгі ў сяле Пячышчы амаль год пражыў Янка Купала. На жаль, пабываць там не атрымалася. Аднак мы наведалі старажытную сталіцу волжскіх татараў – Вялікі Булгар (Болгар), дзе шмат гістарычных помнікаў.

Другая Мекка

Горад Булгар лічыцца другой Меккай, асабліва для мусульман постсавецкіх краін. Тут волжскія татары ў 922 годзе прынялі іслам. Зараз у гістарычнай частцы Булгара амаль ніхто не жыве. Гэта турысцка-паломніцкае месца і пляцоўка для археолагаў. Усё насельніцтва – каля 8 тысяч чалавек – сканцэнтравана ў паселішчы, якое раней мела назвы Куйбышаў, Спаск. Зараз гэта Спаская муніцыпальная акруга. Большасць яе жыхароў – рускія. Тут ёсць дзеючая драўляная царква XIX стагоддзя. У савецкі час яе акуратна перанеслі з іншага месца, якое затапілі пры будаўніцтве вадасховішча.

%d0%bc%d0%b5%d1%87%d0%b5%d1%82%d1%8c2

Мячэць Кул-Шарыф у Казанскім крамлі

Рэлігійная згода – агульная рыса Татарстана і Беларусі. У Булгары за межамі ахоўнай гістарычнай зоны дзейнічае ісламская акадэмія. Галоўны яе корпус адкрыты сёлета. Першыя абітурыенты ўжо пачалі падрыхтоўчыя заняткі. Раней у СССР такіх навучальных устаноў не было. Існавалі толькі медрэсэ, а яны рангам ніжэй. Таму мусульмане былі вымушаны ездзіць вучыцца ў далёкае замежжа, у тым ліку ў арабскія краіны, дзе, на жаль, распаўсюджваюцца не заўсёды канструктыўныя ідэі.

Беларусы, дарэчы, у прамым сэнсе прыклалі руку да будаўніцтва акадэміі. Некалькі год таму фірма з нашай краіны абліцавала белым мармурам у Булгары мусульманскі храм «Ак Мэчэт». Узровень майстроў татары ацанілі вельмі высока і запрасілі іх папрацаваць на будаўніцтве навучальнай установы.

У Татарстане да пачатку гарбачоўскай перабудовы захавалася 23 мячэці. Цяпер іх 1,5 тысячы. Нямала тут і праваслаўных храмаў. Аднавілі касцёл, які быў там у царскія часы. Рэспубліка стала першым у Расіі рэгіёнам, дзе колішні будынак сінагогі вярнулі іўдзеям

Ёсць нават так званы «Храм усіх рэлігій», які пабудаваў за ўласны кошт мясцовы жыхар

Асаблівую ўвагу на гэта звярнуў Мінцімер Шайміеў. Пакінуўшы ў 2010 годзе высокую пасаду, ён узначаліў фонд «Адраджэнне», які займаецца аднаўленнем і рэстаўрацыяй гістарычных помнікаў: праваслаўных храмаў, мячэцей і г. д. Шайміеў пра нашых будаўнікоў сказаў: «Вось якія хлопцы! Ніхто не ўзяўся. Яны ўзяліся. Узімку зрабілі. Уклаліся ў тэрміны. Акадэмію яны зрабілі яшчэ лепш, чым мячэць. Малайцы!».

Вынік працы беларусаў сапраўды ўражвае. Ніякія фота не перададуць тых эмоцый, што зведваеш на месцы.

LEGO Івана Грознага

Свіяжск – той самы фарпост, які Іван Грозны стварыў, каб заха­піць Казань. Яго збудавалі ў вельмі сціслыя тэрміны па прынцыпу канструктара. Усе будынкі вырабілі з дрэва ў Маскоўскім княстве. Потым разабралі і сплавілі па Волзе. І зноў сабралі. Зараз з драўляных пабудоў захавалася толькі царква Святой Троіцы. Хоць не ўсе элементы будынка арыгінальныя.

Свіяжск – вельмі маляўнічы горад. За савецкім часам пасля будаўніцтва вадасховішча ён ператварыўся ў востраў. Некалькі год таму да яго правялі дамбу, выканалі маштабнае добраўпарадкаванне. Тут ёсць на што паглядзець. Храм з унікальнымі фрэскамі, вельмі цікавы музей. Ёсць нават «Горад майстроў», дзе гатуюць надзвычай смачныя аладкі. Пыхкаюць парай старадаўнія тульскія самавары. У заварку дадаюць духмяныя травы – зусім як наша гарбата! Ну й, канешне, у татарскіх мясцінах вас пачастуюць чак-чакам – ласункам цюркскіх народаў.

«Мiнская праўда»